Жыў сабе дзед з бабай. І была ў іх дачка. Кажа дзед бабе: – А што, баба, прымем мы зяця да дачкі? А баба кажа: – Прымем! І прынялі яны зяця-салдата. Аднойчы зяць паехаў у поле араць, бацька дома застаўся, баба стала ў печы паліць, а дачка пайшла малоць у жорнах. Малола яна малола, ажно лапацень* з жорнаў вываліўся! Стала яна плакаць. Плача і прыгаворвае: – А што, калі б у мяне дзіцятка было, дык яно б на загнеце* сядзела, лапацень вываліўся ды дзіцятка б забіў! Прыходзіць матка і пытае: – А чаго ж ты плачаш? – А таго, што калі б я дзіцятка мела, ды на загнеце пасадзіла, а лапацень вываліўся б і дзіцятка забіў! Стала і матка плакаць. І плачуць удзвюх. Прыходзіць бацька. – А чаму ж вы плацаче? Кажа яму баба: – А таго, што каб нашая маладзіца дзіцятка мела, ды на загнеце пасадзіла, а лапацень вываліўся, дык дзіцятка б забіў! Ото заплакаў і дзед. Ужо плачуць яны ўтрох. А зяць у полі чакаў-чакаў абедаць, а ніхто не ідзе. Прыходзіць у двор, ажно дома ўсе плачуць. Як убачылі зяця, сталі ўсе на яго сварыцца. – А чаму ты лапатня не прыладзіў добра?! Маладзіца ў жорнах малола, лапацень вываліўся, а калі б яна дзіцятка мела ды на загнеце пасадзіла, дык лапацень жа дзіцятка б забіў! Раззлаваўся зяць, плюхнуў шапку ў ногі і пайшоў упрочкі! Ішоў-ішоў дарогаю, зайшоў да аднаго гаспадара. Ажно там абедаюць: ядуць кісель з сытой*. Зачарпнуць па лыжцы кісялю, а тады ўсе ідуць у клець кісель у сыту макаць. З’ядуць – ізноў зачарпнуць і зноў ідуць у клець макаць. Тады салдат кажа: – Што гэта вы робіце? – А ці не бачыш: кісель з сытой ядзім. – Дык як жа вы ядзіце? За сытою кожны раз усе ў клець ходзіце.... Калі дасцё мне паабедаць, дык я навучу вас, як трэба рабіць, каб усе ў клець не хадзілі! – О, добра! Дамо, толькі ж навучы! Салдат наклаў у міску мёду, наліў вады – ото й сыта! – і паставіў на стол. Сталі ўсе есці, і салдат паабедаў. Падзякаваў ён і пайшоў далей. Ідзе-ідзе сабе, ажно пара падыйшла палуднаваць. Тады ён – да першай хаты. Бачыць: дзед з бабай стаяць на даху і вала за рогі цягнуць туды. – Што гэта вы робіце? – А ці не бачыш? На даху трава вырасла, дык мы хочам сюды вала зацягнуць, каб ён гэтую траву паеў. Тады салдат кажа: – Ну, калі дадзіце мне палуднаваць, дык я вас навучу, як гэтую траву дастаць. – Добра, дадзім, толькі ж навучы. Узяў салдат серп, траву на даху пажаў і валу скінуў. Накармілі дзед з бабай салдата. Пад’еў ён і пайшоў. Ідзе па дарозе, бачыць: будуюць людзі хату. І ўсё па сцяне цягаюць бервяно. Салдат кажа: – Дзень добры вам! Што гэта бы, добрыя людзі, робіце? – А хіба ты не бачыш? Во бервяно кароткае, не падыходзіць, дык мы яго хочам выцягнуць. Салдат кажа: – Ну, калі дасце мне грошай, то я вам яго выцягну. – Добра, дадзім. Салдат узяў з груды доўгае бервяно, прымераў да сцяны, абчасаў – выйшла акурат тое, што трэба. Далі салдату за гэта два рублі. Ён узяў і пайшоў далей. Бачыць – мужык пабудаваў новую хату і ўсё нешта туды кашом носіць. – Дзень добры, – кажа салдат. – Што гэта ты робіш? – А вось я пабудаваў хату, ды цёмна ў ёй. Дык я хачу сонца ў хату напусціць. – Ну, калі дасі мне грошай, – кажа салдат, – дык я табе зараз поўную хату сонца напушчу. – Добра, дам. Узяў тады салдат сякеру, прасек вокны, і стала ў хаце светла. Даў салдату мужык тры рублі, ён падзякаваў і пайшоў далей. Ідзе, а ўжо ноч на дварэ. Зайшоў ён у адну хату. – Дзень добры, гаспадар! Пусці ноч начаваць. – Начуй. Салдат заначаваў. Толькі кажа той гаспадар сваёй бабе: – Трэба нам, баба, барана зарэзаць. Прывялі барана ў хату, хочуць рэзаць, а ён проста ў вочы ім глядзіць. Тады кажа мужыку баба: – Як мы будзем яго рэзаць, калі ён нам у вочы глядзіць? А салдат кажа: – Я вам гэтага барана так зарэжу, што ён у вочы не будзе глядзець, толькі вы мне дайце за гэта баранаву галаву. – О, то добра, рэж! Патушыў салдат лучыну, стала ў хаце цёмна, ну і адрэзаў барану галаву навобмацак. На другі день ўзяў салдат баранаву галаву і пайшоў далей. Ішоў-ішоў, заходзіць па дарозе да шляхтаў. Ажно там на гумне панічы малоцяць. – Дзень добры, – кажа салдат. – А ці не можна ў вас баранаву галаву абсмаліць? – Не, тут няможна. Ідзі лепей у хату, наша матка ў печы паліць, дык ты ў яе і абсмалі тую галаву. Прыйшоў салдат у хату і кажа: – Панічы казалі, каб я ў цябе галаву абсмаліў. Матка загаласіла: – Авой, салдат хоча мне галаву абсмаліць! Не смалі, салдацік, пашкадуй! Што хочаш бяры, толькі ж не смалі! – Добра, – кажа салдат. – Дай сто рублёў, дык не буду тады смаліць. Яна дала яму сто рублёў, салдат і пайшоў хутчэй далей. Тым часам прыйшлі панічы ў двор, ажно матка галосіць. – Што гэта вы сказалі салдату ў мяне галаву абсмаліць? – Дык жа гэта мы казалі баранаву, а не тваю. Ён цябе падмануў! Тут большы паніч ускочыў на каня і паехаў таго салдата даганяць. А салдат тым часам вывернуў армяк і шапку навыварат і ідзе па дарозе. Дагнаў яго той паніч і не пазнаў салдата. – Дзень добры, чалавек! А ці не бачыў ты, ці не ішоў тут салдат? – Бачыў, – кажа салдат. – Во ў гэты лес пабег. Паехаў паніч у лес, а там жа ніяк на кані не праехаць. Вярнуўся ён назад дый кажа салдату: – На, чалавек, патрымай, калі ласка, майго каня, а я пайду ў лес салдата даганяць. Пайшоў паніч у лес, а салдат тым часам – хутчэй па каню і паехаў у свой двор. Дзівяцца дзед з бабай, адкуль гэта зяць столькі багацця набраў, і пытаюцца ў яго: – І дзе ты гэта столькі грошай набраў ды яшчэ і каня? – А, – смеючыся, кажа салдат, – гэта я авёс малоў, кісель варыў, у кашэль ліў і на рынку прадаваў. Вось як грошы здабыў! Стала той бабе завідна, намалола яна аўса, наварыла кісялю ды кажа дзеду: – На, дзед, нясі на рынак прадаваць! Дзед у дарогу ўвязаў кісель за плечы, каб спраўней несці было. А баба кажа: – Глядзі ж ты, дзед, грошы не прапі. Усё ж дадому прынясі. Стала дзеду крыўдна за такія бабіны словы, упаў ён на калені і крыкнуў: – Каб я счарнеў, калі гэтыя грошы прап’ю! І пакланіўся ў зямлю. А кісель ўвесь і выцек дзеду на лысіну.