Жыў-быў сабе Іван Прыўкрасны, сірата няшчасны, і служыў ён па князях, па панах і па ўсіх багатырах. Не меў ён сабе ні адзення багатага, ні слова добрага. Наняўся ён да князя Ладыміра, кіеўскага самадзержца мнагалітасцівага. Праслужыў ён у князя тры гады – ды ўсё так сама не меў ні адзення батага, ні слова добрага. Даждалі Вялікадня. Князь Ладымір стаў сваіх слуг, што былі ў яго, збіраць. Быў у яго Алёшка – лёгкі на язык, салодкі на слова. Князь Ладымір і пытае ў Алёшкі: – Ніхто на нас не крыўдзіцца? Ніводная душа? – Ёсць у нас Іван Прыўкрасны, сірата няшчасны! Той крыўдзіцца. Паклікаў князь Ладымір да сябе Івана і дае яму куні* нячыненыя і шубу няшытую. – Вось табе куні нячыненыя і шуба няшытая. Каб б ты сабе гэтыя куні пачыніў і сабе шубу пашыў, і каб са мною на завутрань паспеў! Атрымаў тое Іван Прыўкрасны, сірата няшчасны, і горка заплакаў. Пайшоў ён да ракі Дняпро і думае сам сябе загубіць. А тут бач – з’яўляецца да яго баба, як сянная капа. – Чаму ты, Іван Прыўкрасны, сірата няшчасны, журышся? Я твайму гору дапамагу, будзеш мяне за гэта маткай зваць. – Буду. – Ну, сядай на мяне. Баба старая перавезла Івана на той бераг ракі. Там стаіць дом – не ўздумаць, не згадаць, толькі пяром напісаць. Прыносіць баба яго да варотаў, бразнула ў дзверы, выскоквае дзяўчына – Алёна Сівалобаўна. – От табе друг, будзеш яго сваім мужам называць. – Буду. – Вось ты яму куні пачыні і шубу пашый. І выправі з князем Ладымірам на завутрань. – Кладзіся, друг мой Іван Прыўкрасны, спаць, – гаворыць Алена Сівалобаўна. А сама выходзіць на ганак ды як крыкне багатырскім голасам! Ідуць да яе ўсе слугі. – Пра што ты нас пытаеш? – А вось трымайце, каб б вы куні гэтыя пачынілі і шубу той жа час мне пашылі. Раніцай Алёна Сівалобаўна стала Івана будзіць: – Уставай, мой друг, вось шуба гатовая. На завутрань звоняць. Іван Прыўкрасны, сірата няшчасны, надзеў шубу тую, тады Алёна дае яму тры яечкі. – Адным ты яечкам князя Ладыміра пахрыстосуй, другім – папа, а трэцяе прывязі ў двор. Пасля завутрані Алёшка – лёгкі на язык, салодкі на слова – і кажа Івану: – Пахрыстосуй, брат, і мяне. Пахрыстосаваў Іван і яго. Прыязджае ў двор, а Алена і гаворыць яму: – Хрыстосуй мяне! – А я, – гаворыць Іван, вочы апусціўшы,– Алёшку пахрыстосаваў... – От жа дзе дурань. Сабе безгалоўе атрымаеш! Тады князь Ладымір сабраў багатых і ўбогіх на абед і спытаўся ў багатых: – Ну, хваліцеся багаццем, буду за багацце хваліць! А ўбогіх – надараць! Іван Прыўкрасны сядзіць – нічога не адказвае. А Алёшка – лёгкі на язык, салодкі на слова – запышэў і гаворыць: – Іван сабе жонку знайшоў, прыгажэй за ўсіх на свеце! А Ладымір на гэта і кажа: – Паслаць яго да Ваўка Мінчыгрэя па самаграйныя гуслі! Мінчыгрэй яго са свету звядзе, а жонка ў нас застанецца! Тады напісалі ліст ды паслалі Івана да Ваўка Мінчыгрэя, і сказалі ў дарогу: – Калі ты не прынясеш нам самаграйныя гуслі, то табе плаха і меч – і галава з плеч. Узяў той ліст Іван Прыўкрасны, сірата няшчасны, і заплакаў. Прыходзіць ён да Алёны Сівалобаўны, уведала яна пра гэтую гісторыю з князем ды гуслямі і кажа: – Я табе гаварыла, што будзе табе безгалоўе! Ну, на табе шырынку, кашулю і порткі. Калі ж стане табе зусім кепска, успомні мяне тры разы. Прыехаўшы да Ваўка Мінчыгрэя, Іван падаў яму ліст ад князя. А Воўк Мінчыгрэй прачытаў ліст і гаворыць: – У мяне няма гусляў гатовых, трэба каваць. А табе, Іван Прыўкрасны, давядзецца дуць у мяхі на кузні без перадыху трое сутак. Іван Прыўкрасны тры разы за трое сутак адпачываў, ды Воўк Мінчыгрэй на яго моцна зазлаваў праз гэта і хацеў з’есці. А Іван Прыўкрасны папрасіў у ваўка сабе лазню, каб на смерць памыцца. Памыўшыся, стаў кашулю апранаць і Алёну Сівалобаўну памінае: – Дзякуй табе, Алёна Сівалобаўна, што ты мне на смерць кашулечку дала. А Воўк Мінчыгрэй пачуў і пытаецца ў яго: – Хто табе Алёна Сівалобаўна? – Жонка яна мне, – кажа Іван. – А чаму ж ты мне раней гэтага не сказаў? Яна сястра мне! І ў мяне ёсць гуслі гатовыя. Воўк Мінчыгрэй і даў Івану гуслі. Ён іх прывёз і аддаў князю Ладыміру. Цераз Алёну Сівалобаўну і застаўся жывым. І цяпер яны жывуць, мёд-віно п’юць. І я ж там быў, мёд-віно піў – па вусах цякло, а ў рот не папала.