Жыў дзед з бабай, і не было ў іх дзяцей. Неяк дзеду саснілася, што пайшоў ён у лес, назбіраў яек птушыных і вывеў дзяцей сабе. Расказаў ён сон бабе, а баба так яму сказала: – Ну што ж, ідзі, дзед, у лес, назбірай яек птушыных, пакладзём у рэшата, я сяду і дзяцей выведу. Яны будуць пішчаць, нам будзе весялей, а мы будзем думаць, што гэта нашы дзеці. Дзед бабу паслухаў, пайшоў лес, узлез на бярэзіну – адно яйка ў гняздзе, ён на другую – і там адно... Так ён узлазіў на трыццаць бяроз! На апошняй бярозе знайшоў два яйкі. Так ён сабраў трыццаць адно яйка. Прынёс яйкі дадому, у рэшата ўсыпаў, і села баба на яйкі – усё роўна як курыца. Тыдні праз тры вывеліся дзеці. Не птушаняты, а сапраўдныя дзеці – хлопчыкі. Баба тады гаворыць: – Глядзі-тка, дзед! Не птушкі, а ўсе сыны, трыццаць адзін! Дзед узрадаваўся, што яму Бог сыноў даў. Сабраў дзве пары кумоў, гарэлкі з паўгарца*, запрог каня, паехаў да папа. Стаў прасіць, каб прыехаў поп дзяцей хрысціць. Прыехаў поп, стаў іх хрысціць – усіх перхрысціў, кожнаму па імю даў. А адзін з сыноў быў меншы за ўсіх – такі ўжо благенькі. Яму імя не знайшлося. Сказаў поп дзеду і бабе: – Як хочаце, так самі яго і завіце. Я імя яму не знайшоў. Як ён меншы быў за ўсіх быў, дык назвалі яго Мал-Малышок. Сталі сыны расці не па гадах, а па гадзінах. Цераз год сталі вялікія, тады яны сказалі бацьку: – Тата, што мы будзем гуляць? Давай будзем працаваць! Можа, пожня ёсць касіць – пойдзем касіць. Едзь у мястэчка, кос купі нам. Паехаў бацька у мястэчка, купіў трыццаць кос, а адну не знайшоў – меншаму сыну. Усё мястэчка абшукаў – не знайшоў той касы. Прывёз адно трыццаць кос дадому. – Бярыце, сынкі, косы – якую хто хоча. Сыны падыйшлі, разабралі косы. А Мал-Малышок прыйшоў і кажа: – А мне, бацька, дзе каса? – Няма, мой сынок, не знайшоў! Я стары, ты малы – будзем дома. Ну, няхай будзе так, як бацька кажа. Была ў бацькі пожня. Пайшлі трыццаць сыноў касіць ад свайго сяла вёрст за пяць. Прыйшлі на пожню – пожня была вялікая – узялі кожны сабе па кавалку, а два кавалкі такія самыя пакінулі бацьку і Малышку. Пачалі касіць, а Мал-Малышок тым часам дома кажа бацьку: – Пайду я, тата, пагляджу, як яны там косяць. А бацька кажа яму: – Глядзі, сынок, каб не заблудзіў! – Ай, як-небудзь патраплю братоў знайсці. Пайшоў Малышок ды заблудзіў. Увайшоў у лес, хадзіў-хадзіў – не можа выйсці. Паглядзеў на ўвесь лес тады і бачыць, што адзін дуб вышэйшы за ўсе. Ён узлез на той дуб, паглядзеў кругом, бачыць – браты ўтрыццацёх косяць. Ён тады ўзяў гэты дуб за верхавіну рукою – гэты дуб і пераламаўся папалам! Ён сучча паабломваў, узяў дуб на плечы дый пайшоў туды. Прыйшоў і кажа братам: – Памажы Божа вам, братцы. Што вы два мне кавалкі пожні пакінулі? Няхай бы ўсё разам касілі, ці гэта мо чужая? А яны кажуць: – Гэта мы пакінулі табе з бацькам. – А як жа мы будзем касіць? Я малы, а ён стары! – А хоць сабе наймайце! – Ну, добра, – кажа і давай касіць. І косіць, і грабе, і ў стог кладзе гэтай дубінкай – уперад за ўсіх скасіў. Не адзін, а два кавалкі! Скасіў, дубіну гэтую ў зямлю ўбіў і каля дубіны стог паклаў. Яны кожны свае кавалкі пакасілі асобна, кожны па стагу паклалі. Тады ўжо прыйшлі дамоў з пожні, а бацька гаворыць: – Ну што, сынкі, пакасілі пожню? – Пакасілі ўсю! А Мал-Малышок кажа бацьку: – Пакасілі, але два кавалкі пакінулі. А бацька кажа: – А навошта? – Мне кавалак і табе кавалак. – Я, – кажа, – ужо ж стары. Касіць не магу! – Не тужы, бацька! Я скасіў і ў стог склаў! – А вы, – пытаецца ў тых сыноў, – вы ў адзін стог склалі? – А мы, – кажуць, – паасобна! Накасілі ўсяго разам трыццаць адзін стог. Тады бацька кажа: – Трэба сена пільнаваць пакуль перавязём, а то ж пакрадуць! Пайшлі ўдзесяцёх пільнаваць. Ноч усю пільнавалі, а нехта стог цэлы ўкраў! Прыйшлі з варты, пытаецца бацька: – Ці цэлае сена? – Адзін стог нехта ўкраў. Сказаў бацька на іх: – Дурні, удзесяцёх не ўпільнавалі! На другую ноч другі дзесятак пайшоў. Таксама недапільнавалі, і зноў нехта стог украў! На трэцюю ноч трэці дзесятак пайшоў – і таксама не ўпільнавалі, і яшчэ адзін стог знік. На чацвёртую ноч трэба першаму дзесятку ісці. Яны сталі казаць, ківаючы на Мал-Малышка: – І ў яго ж стог сена ёсць! Няхай і ён ідзе! – Што рабіць, – кажа Мал-Малышок. – Калі ісці, дык ісці. Схадзі, бацька, да каваля. Няхай каваль кульку* жалезную скуе, пудоў гэтак на трыццаць! Пайшоў бацька да каваля, скаваў кульку пудоў на трыццаць. Узяў Малышок кульку гэтую, кінуў угору – дык яна з вачэй знікла. Бачыць, што назад ляціць – падставіў лоб, а яна па ілбе як ударыла, дык развалілася на чатыры кавалкі. Тады Малышок кажа: – Бацюхна, зрабі мне другую кульку. Пудоў гэтак на трыццаць пяць, ды каб мягчэйшая трошкі, а то ж першая дужа была сухая. Каваль скаваў другую. Узяў Малышок новую, кінуў угару, яна з вачэй не знікла, вярнулася назад. Зноў ён лоб падставіў. Як ударыла – толькі ў кулі ямачка стала невялікая. – О, гэтая будзе ладная! Узяў гэтую кулю і пайшоў пільнаваць. Прыйшоў да свайго стога, узлез наверх, сеў. Сядзеў-сядзеў – чуе, як нешта стукае, аж зямля дрыжыць. Бачыць: бяжыць кабыла, а за ёй – трыццаць адзін жарабок. Прыбегла кабыла да гэтага стога, дзе ён сядзеў, і давай той стог кругом есці. Ён датуль сядзеў, пакуль стог не з’елі – не болей, як на адзін сажань засталося. Тады ён схапіў гэтую кабылу: не схапіў за грыву, а за хрыбет – і сеў задам наперад. А яна яго павезла па палях ды па лугах, па высокіх лясах! А ён кулькай яе! Кабыла дагэтуль вазіла, пакуль ужо не змарылася. Тады яна яму кажа: – Мал-Малышок, пусці мяне ў свет гуляць, я дам табе, што ты захочаш. – Я, – кажа, – нічога не хачу, а толькі аддай мне гэтых жарабкоў тваіх. – Бяры сабе, толькі ж пусці мяне. – А ты мяне не падманеш? – Не, – кажа, – не падману. Прывезла Мал-Малышка да гэтых жарабкоў, а яны ўжо стог даядаюць. – Садзіся, – гаворыць яму, – на самага большага. А гэтыя ўсе ўслед пойдуць. Ён падумаў-падумаў, хоць гэтыя і ўцякуць – аднаго жарабка будзе за сена досыць! Узяў ды сеў на яго. Паехаў. А яны ўсе ўслед і пайшлі. Прыехаў дадому. Коні на двор не лезуць, бо двор быў надта маленькі. І кажа Мал-Малышок: – Хадзіце, браткі, бярыце сабе па каню! Я злавіў іх – яны гэта сена елі! Выйшлі браты – кожны сабе па аднаму ўзяў. А Мал-Малышку не засталося. Адзін быў горшы за ўсіх – храмы-ламы – дык ён застаўся ззаду і ўжо прыйшоў пасля, разам не справіўся ісці. Тады Мал-Малышок кажа: – О, і мой конік прыйшоў. А браты сталі смяяцца з яго: сам коней лавіў, а сабе самага лядашчага пакінуў. – Ну што з вамі рабіць, з дурнямі? Лепшых коней пабралі ды яшчэ і смяюцца з мяне! Але мне і гэты добры будзе! Сталі тады яны кожны свайго жарабка гадаваць. Паспраўлялі хамуты, калёсы, сталі ўсе працаваць, у лес ездзіць, зямлю араць. Двор добры збудавалі, вялікі! Сталі жыць, што лепей і не трэба. Жылі яны так жылі – гады можа чатыры-тры. Надакучыла ім такое жыццё. Ды яны сказалі так: – Паедзем мы ў свет, як нам здарыцца: ажаніцца, а можа на службу куды прызначыцца. А Мал-Малышок гаворыць: – Вы едзьце, а я не паеду. Бацька з маткай старыя – хто іх пахавае без нас? – Ну, ты сабе заставайся. Толькі ж ты нас не дагоніш тады. – Даганю і дарогу знайду! Узялі яны і паехалі. А Мал-Малышок застаўся дома. Цераз год бацька памёр. Пахаваў ён бацьку – лепей як іншыя хаваюць. На другі год маці памерла, і Мал-Малышок маці яшчэ лепш пахаваў. Апошняе – гэта прыкладзіны – адправіў па бацьку ды па матцы. Ды сабраў мужыкоў, спытаў у іх: – Можа, хто знойдзецца на маю гаспадарку пад арэнду гадоў на некалькі? Прыеду, дык вазьму назад. А не прыеду – зусім не трэба мне нічога. А двор гэты быў лепшы за панскі. Мужыкі ні адзін не ўзяўся – з-за таго, што вялікі двор быў. Ён гукнуў пана, аддаў двор пану пад распіску. А жарабка свайго кволенькага выгадаваў – тое піць і есці даваў, што і сам ужываў. За тры гады вывучыў яго гаварыць з сабою і стаў той жарабок лепшы за братавых. Прадаў Мал-Малышок хлеб, грошы ўзяў ды паехаў братоў даганяць. Браты ехалі тры гады, а ён дагнаў іх за тры месяцы. – Здарова, браткі! – Здароў, Мал-Малышок! Як там нашыя дома бацька з маткай? – Бацька з маткай ў вечным доме. А вам – на здароўе. Як жа вам здарылася, што вы бачылі: худа ці дабро? – Худа не бачылі, а дабра многа было. Цяпер ты едзь паперадзе. Вось як паехаў Мал-Малышок наперад, цэлы дзень праехаў – ні адной вёскі не было, толькі лес ды поле. Заходзіць ужо сонца, прыязджаюць да лесу. Ажно стаіць хатка на курынай ножцы ды круціцца. – Стой, – кажа Малышок, – хатка! Не круціся! Да мяне дзвярыма павярніся! Яна стала. Увайшоў ён у хатку, ажно ляжыць Баба Яга Касцяная Нага. Ляжыць на падлозе, ногі ў сцяну, нос у столь, а рот у трубу. Прыйшоў ён у хату. – Добры дзень, Баба Яга Касцяная Нага! – Добры дзень! Здароў, Мал-Малышок. Куды едзеш, куды шлях трымаеш? – Едзем у свет, як нам здарыцца: можа, дзе ажаніцца, а можа, куды на службу прызначыцца. – А ці многа вас ёсць? – Баба Яга пытае. – Трыццаць адзін. – Шкада! У мяне ёсць дваццаць дзевяць дачок – ажаніліся б. Едзьце ж далей, у маёй сястры павінна быць. Выйшаў ён з хаты, селі ды паехалі. Ехалі-ехалі, праехалі гадзін дзесяць. Прыехалі яшчэ да адной хаты. Як тая ж самая – стаіць на курынай назе ды круціцца. – Стой, – кажа Малышок, – хата, не круціся! Да мяне дзвярыма павярніся! І яна павярнулася. Увайшоў Мал-Малышок у хату, бачыць – ляжыць Баба Юга Касцяная Нага. Ляжыць на падлозе, нагу ў сцяну, нос у столь, а рот у трубу. Прыйшоў у хату. – Добры дзень, Баба Юга Касцяная Нага! – Добры дзень! Здароў, Мал-Малышок. Куды йдзеш? – Едзем у свет, як нам здарыцца: можа, ажаніцца, а можа, куды на службу прызначыцца. – А ці многа вас ёсць? – Баба Юга пытае. – Трыццаць адзін. – Шкада. У мяне трыццаць дачок. Адной не хапае, а то ажаніліся б. Едзьце далей, можа, у маёй сястры ёсць! Паехалі яны далей. Цераз некаторы час прыехалі да падобнай хаты – стаіць на курынай ножцы ды круціцца. – Стой, – кажа Малышок, – хата, не круціся! Да мяне дзвярыма павярніся! Увайшоў Мал-Малышок у тую хату, ляжыць Баба Юрга Касцяная Нага. Ляжыць на падлозе, ногі ў сцяну, нос у столь, а рот у трубу. Прыйшоў у хату. – Добры дзень, Баба Юрга Касцяная Нага! – Добры вечар! Здароў, Мал-Малышок. Куды едзеш, куды шлях трымаеш? – Едзем у свет, як нам здарыцца: можа, дзе ажаніцца, а можа, дзе на службу прызначыцца. – Ну, добра, што вас Бог прынёс. У мяне ж трыццаць адна дачка, будзем вяселле гуляць. Заязджайце на двор, распрагайце коней, я загадаю даць ім аўса і сена. Яны заехалі на двор, распрэглі коней, аўса-сена нагатавана ўжо было, зайшлі усе ў хату, дала ім Баба Юрга выпіць і закусіць, зазвала сваіх дачок. Прыйшлі яе дочкі, гэткія прыгажуні, што лепшых і шукаць не трэба! – Ну, – кажа, – зяцькі мае, выбірайце сабе, хто якую хоча. Яны ўзялі кожны па адной, тады яна кажа: – Ну, кладзіцеся спаць, а заўтра будзем вяселле гуляць. Леглі спаць. Мал-Малышок выйшаў да свайго жарабка, а жарабок яму і кажа: – Мал-Малышок, думаеш ажаніцца, а давядзецца са свету збыцца. – За што так? – Гэтая ж ведзьма з’есць вас! Як ляжаце спаць, вазьмі шапкі дочкам апрані на галовы, а братам – хустачкі пазавязвай і сам сабе так зрабі. Яна ўночы ўстане, у яе ёсць меч-самасеч – яна яго пусціць па тых галовах, што ў шапках, а ты не спі – глядзі, дзе яна будзе меч браць. Як меч пяройдзе па галовах, тады ўцякайце! Леглі яны спаць. А Мал-Малышок не заснуў. Як усе паснулі, тады ён ўзяў шапкі, апрануў дзяўчатам, а хусткі завязаў хлопцам. Устала Баба, носам панюхала, ладна паслухала – спяць усе. Пайшла на палаці, узяла меч-самасеч і загадала яму: – Ідзі па тых галовах, паадсякай, што ў шапках! Меч-самасеч пайшоў паадсякаў галовы, а Баба кажа: – Удзень прыбяру, – ды пайшла спаць. Мал-Малышок збудзіў братоў, ціхенька з хаты выйшлі, і кажа ім: – Паедзем! А яны пытаюцца: – А ажаніцца як жа? А ён ім кажа: – Маліце Бога, што не пайшлі на той свет праз гэтых дзевак! Паехалі далей. Ад’ехалі вёрст трыста. Прачнулася Баба. Агледзела, што дочкі пасечаны. – Ну, – кажа, – Мал-Малышок! Хіцёр! Хітры, ды не ўцячэш! Даганю! Было ў яе тры казлы на стайні. Узяла казла, села вярхом, стала жалезным таўкачом паганяць, Мал-Малышка даганяць. Не дала ад’ехаць трыста вёрст, дагнала за тры гадзіны. – Э, – кажа, – Мал-Малышок, не ўцёк ты ад мяне! І давай з ім біцца. Білася-білася тры гадзіны – Мал-Малышок забіў яе казла. Тады яна пайшла назад пешкі, а Мал-Малышку сказала: – Будзеш ты сам усё роўна ў маіх руках! – Ну, тады тое і будзе! Пасля той бойкі праехаў Мал-Малышок з братамі амаль на другі канец свету. Ну што ж ужо – назад варочацца? Паступілі ў царства яны на службу. А цар у іх распытаўся: адкуль яны, хто такія. Яны яму расказалі і верна служыць сталі. Мал-Малышок братамі стаў камандаваць. Вядома, ім стала крыўдна, што меншы большымі камандуе. І тады пайшлі яны да цара і сказалі, што за трыдзевяць зямель у трыдзевятым царстве ёсць Баба Юрга, ды ў яе ёсць меч-самасеч – ён сам сячэ галовы і ў адно месца іх кідае. Наш Мал-Малышок можа дастаць для цара той меч. Цар паклікаў Мал-Малышка і кажа яму: – А ці праўда гэта, што за трыдзевяць зямель у трыдзесятым царстве ёсць Баба, а ў той Бабы ёсць меч-самасеч, што сам сячэ і галовы ў адно месца роўненька кладзе? Каб ты мне яго дастаў! – Ёсць то ён ёсць, але ж дастаць няможна. – Ну, гэта не адказ, адсяку галаву ўраз! – То дайце ж гадзіны тры падумаць, як гэта зрабіць. Пайшоў ён да жарабка свайго на стайню, пачаў тужыць, што дрэнна стала жыць. А ў яго жарабок і пытаецца: – Чаго, Мал-Малышок, затужыўся? – От цар службу задаў. – Якую? – Каб той меч-самасеч дастаць! – Ну, гэта, – кажа, – не служба. Гэта службачка будзе. Маліся Богу ды лажыся спаць. Пайшоў Малышок да цара і сказаў, што прывязе меч. Памаліўся Богу, лёг спаць. Назаўтра ўстаў, памыўся, Богу памаліўся, сеў на жарабка і да Бабы пакаціў. Прыехаў да яе ў самую поўнач. А яму жарабок кажа: – Ці бачыў ты дзе меч ляжыць? – Бачыў! – Ідзі бяры ціхенька, каб яна не пачула. Яна цяпер спіць. Ды скоранька ўцякай назад. Ён пайшоў, узяў меч-самасеч на палацях, ціхенька выйшаў з хаты, сеў і паехаў. Устала Баба, як стала відно, спазналася, што ў яе нехта быў, агледзелася – аж мяча няма! Яна здагадалася, што Мал-Малышок гэта зрабіў, выйшла, таўкач у рукі ўзяла, села на казла – ужо на другога – таўкачом паганяе, Малышка даганяе і кажа яму: – Цяпер ты з маіх рук не ўцячэш! І сталі яны біцца. Біліся-біліся – Мал-Малышок забіў яе казла. Пайшла Баба назад, гаворачы: – Яшчэ будзеш ты ў маіх руках! – Тады тое і будзе! Прывёз Мал-Малышок меч-самасеч цару. Цар яго за гэта ўзнагародзіў і яшчэ вышэйшага чына даў – унтэр-афіцэра. Братам яшчэ больш стала зайздросна. Пайшлі яны ізноў да цара і гавораць, што там і там, у той самай Бабы Юргі ёсць гуслі-самагуды – самі граюць, самі скачуць, самі песні спяваюць – як толькі іх паціснеш. Мал-Малышок можа іх дастаць. Кліча Мал-Малышка цар і пытаецца: – А ці праўда гэта, што ёсць у гэтай самай Бабы Юргі гуслі-самагуды, што самі граюць, самі скачуць і самі песні спяваюць? – Не ведаю, ваша царская мосць. – Не адказ! Каб дазнаўся, а то адсяку галаву ў раз! – Буду шукаць! Пайшоў да жарабца і стаў тужыць, што зноў стала кепска на свеце жыць. – Аб чым ты так засмуціўся? – жарабец пытаецца. – Цар службу задаў. – Якую? – А каб ад той самай бабы гуслі-самагуды дастаць, што самі граюць, самі скачуць, самі песні спяваюць – як толькі іх паціснеш. Ды не ведаю я, ці ёсць яны? – Ёсць! Дастанем! – жарабец адказвае яму. – Сядай хутчэй, трымайся мацней! Мы як сігнем, так і да Бабы прысцігнем! Прыехалі да Бабы Юргі. Жарабок і кажа: – Ідзі ў хату. Як увойдзеш, па правай руцэ на палацях ляжаць гуслі. Толькі ж ціхенька бяры, каб яны не зайгралі. Баба пачуе – заб’е цябе. Яна цяпер выйшла некуды на трошкі. Пайшоў Малышок у хату, увайшоў, направа на палаці – зірк, узяў гуслі, выйшаў, сеў і заспяваў. А жарабец гаворыць: – Маўчы, Баба ж заб’е! Паехалі яны. Ехалі яны ехалі – ці многа, ці мала – пакуль Баба дазналася, што гусляў няма. Узяла трэцяга казла, жалезны таўкач – і паганяць! Дагнала Малышка. Дагнала і пачала з ім біцца. Біліся паўтара сутак. Забіў ён яе казла! Тады яна заплакала: – Засмуціў ты мяне навек, Мал-Малышок! Паехаў Малышок да цара, прывёз гуслі-самагуды. Узяў цар гуслі-самагуды, яны сталі граць, песні спяваць і скакаць, што ва ўсім царстве чуваць! За гэтую службу ўзнагародзіў цар Мал-Малышка чынам фельдфебеля. Братам стала цяжэй ад яго – стаў іх службай прыціскаць за гэта за самае, што яны яго выдавалі. Вось неяк у той час здарылася так, што сонца на адным месцы тры гадзіны прастаяла. Прыйшлі браты да цара і сказалі, што Мал-Малышок можа даведацца, чаму тое так адбылося. Прызваў цар Мал-Малышка і задае яму такую службу: каб распытаў, чаму сонца на адным месцы тры гадзіны прастаяла? А Малышок адказвае: – Як жа гэта зрабіць? Ніяк няможна! – Ну, гэта не адказ, адсяку галаву! – Дайце ж свабоды гадзіны на тры. – Хоць і на суткі можна! Прыйшоў ён да жарабка, стаў тужыць. Яму здалося, што не прыйдзецца больш на свеце жыць. А жарабец у яго пытаецца: – Аб чым, Мал-Малышок, затужыўся? – Цар службу задаў. – Якую? – Дазнацца, чаму сонца на адным месцы тры гадзіны прастаяла. А жарабец яму гаворыць: – Гэта не служба, а службачка будзе. Сядай ды паедзем. Сеў ён і паехалі. Ехалі яны ехалі гэтак сутак трое, прыехалі да мора, ажно ляжыць праз мора Цуда-Юда Рыба-Кіт. І ўсе па ей ходзяць і ездзяць. Пад’ехалі яны да гэтай рыбіны, а яна і пытае: – Куды, Мал-Малышок, едзеш? – Да сонца. Трэба мне дазнацца, навошта прастаяла тады і тады на адным месцы тры гадзіны? – Спытайся пра мяне, што я тры гады на адным баку ляжу? Нельга мне перавярнуцца, усе па мне ходзяць ды ездзяць. Я табе за гэта адслужу. – Добра, папытаюся. Пераехалі праз рыбіну, праехалі туды – сонца хаваецца куды. Ажно ўбачылі зямлянку. Увайшоў Малышок у гэтую зямлянку, ажно ўжо там Месяц. Прывітаўся Мал-Малышок, а Месяц у яго і пытаецца: – Навошта ты, Мал-Малышок, сюды забраўся? – Сонца распытаць, чаму на адным месцы тры гадзіны прастаяла? – Ну, Мал-Малышок, на-тка табе шубу, хутчэй выверні ды апрані. За печку лезь. Зараз Сонейка прыйдзе, то яно цябе спячэ. Ты там слухай, а я буду гаварыць, пакуль яно не такім гарачым стане. От Мал-Малышок гэтак і зрабіў. Прыйшло Сонца, загарэлася ўся хата. Мал-Малышок спёкся б, каб не шуба касматая. Брат Сонцу і кажа: – Да цябе чалавек прыехаў, пытаецца, чаго ты на адным месцы прастаяла тры гадзіны. – А дзе ж ён? – За печкай! – Вылазь сюды! Вылез Мал-Малышок, нізка Сонцу пакланіўся. Сонца ў яго стала перапытваць, з якога ён царства і хто. Ён расказаў. А яно яму і сказала: – Ёсць на моры паненка Валынка, яна ў залатым чаўне ездзіць, сама вяслом грабе – гэткай прыгожай у свеце няма! Я на яе загледзелася і тры гадзіны прастаяла. Тады Мал-Малышок сказаў пра рыбу: – За што пакутуе тры гады на адным баку? Ці хутка адпакутуе? – Няхай яна выплюне сорак караблёў, што праглынула на моры, тады зноў пойдзе па моры гуляць. І каб больш гэтага не рабіла. Толькі не кажы, пакуль не пераедзеш, а то яна страсянецца ды цябе ўтопіць. Мал-Малышок Сонцу нізка пакланіўся і ў сваё царства назад рушыў. Прыехаў ён да рыбіны, што на моры ляжала, а яна ў яго пытае, ці гаварыў ён пра яе Сонцу. – Як пераеду, тады скажу. Пераехаў, тады і кажа: – Выплюні сорак караблёў з тым, праглынула з чым! Рыбіна Малышку адказвае на тое, каб ён мага хутчэй ад’язджаў ад мора, а то як страсянецца, дык вада залье яго! Рыбіна і пайшла ў мора, а Мал-Малышок паехаў да цара. Сказаў цару, што вось сонца таму прастаяла тры гадзіны, што ёсць на моры паненка Валынка, яна ў залатым чаўне сядзіць, сама вяслом грабе – гэткай прыгажуні ў свеце няма! Сонца на яе ўгледзелася і прастаяла тры гадзіны. Цар яго за гэта ўзнагародзіў чынам афіцэра. Праз некаторы час цар стаў думаць пра гэтую паненку Валынку – як бы яе дастаць? І ўздумаў Малышку загадаць. Кліча Малышка, каб ён дастаў яму паненку Валынку. Мал-Малышок узгадаў пра тую рыбіну і кажа, што падумае, можа і дастане. Рыбіна ж, бач, тады сказала яму, што адслужыць. Пайшоў да жарабка і стаў гараваць. А жарабок пытае: – Чаго, Мал-Малышок, засмуціўся? – Як жа ж мне не смуціцца? Цар яшчэ адну службу загадаў. – Якую? – А каб дастаў тую паненку Валынку, што на моры ў залатым чаўне плыве, вяслом сама грабе. – Гэта не служба, а служба-службачка будзе! Ступай да цара, набяры розных смачнасцяў, напояў ды заедкаў, ды і паедзем. Пайшоў ён да цара і кажа: – Дайце мне рублёў на трыста розных напояў-заедкаў! Цар яму гэта ўсё выдаў, што ён прасіў. Забраў малышок усе напоі ды ласункі, пайшоў да жарабца і кажа: – Усё цар даў, што ты казаў. Жарабок яму адказвае: – Бяры цяпер балаган, пойдзем да мора. Прыехалі да мора. – Цяпер пускай мяне на зялёныя лугі, а сам будзь у балагане за шынкара. Убачыш, як будзе ехаць паненка Валынка тут, тады менш пі, а больш пастуквай. Яна загледзіцца на балаган і будзе пытацца ў цябе, калі тут стаў жыць і чым займаешся. Тады яна будзе ў цябе і напояў прасіць. А ты старайся, як можна, каб яе злавіць. Мал-Малышок той шацёр-балаган расцягнуў каля мора, расклаў усе свае напоі ды заедкі. Бачыць ён, нешта на моры паблісквае. Вось і едзе гэтая самая паненка Валынка – у залатым чоўне, сама вяслом грабе, шацёр разглядае. Пад’язджае да берага і распытвае: – Што гэта за такая новая будова? Колькі праязджала, ні разу тут такога не бачыла. – Я тут новы пасяліўся. У мяне ёсць і выпіць, і засмакаваць, і сяго-таго, што каму хочацца. У мяне ўсяго ёсць даволі – і таннага, і дарагога, і салодкага, і прыемнага. – Дайце мне адну шкляначку салодкага. Ён наліў шкляначку, каб разбірала. Яна вясельца падала з чаўна, Малышок паставіў на вясельца. Яна выпіла, грошыкі ў шкляначку назад падала ды паехала далей. Задумаўся Мал-Малышок, што тут яна была, і ніяк узяць няможна. Праехала яна трохі, стала ёй у галаве шумець, і вярнулася назад, каб смачнейшага паспытаць. – Дазволь, пан шынкар! А дай мне мацнейшага і саладчэйшага. Ён гаворыць: – Рад старацца для вашай міласці – з гэтага ж жыву. Наліў ён шкляначку мацнейшага напою, яна вясло падала з чаўна, ён паставіў, яна да сябе паднесла, выпіла і заплаціла. Ды паехала зноў ад яго. Праехала троху – зашумела ў яе галаве мацней. Надумала яна яшчэ чарку выпіць – трэцюю. Ды паехала назад і пытаецца ў яго: –А ці ёсць у вас яшчэ мацнейшыя амброзіі? – Ёсць і мацнейшыя, толькі дорага. – У мяне грошай хопіць, – яна адказвае. Мал-малышок наліў ёй шклянку, падала паненка Валынка вясельца, як раней, а ён ёй кажа: – Папрашу вашай міласці не прагневацца: напой гэты дужа дарагі. Упадзе з вясла – разальецца-разаб’ецца. Папрашу міласць з рук узяць. Яна падплыла бліжэй, працягнула руку, а ён у адной шклянку трымае, а другой рукой яе падхапіў, свіснуў да жарабка. Жарабок прыбег. Забраў усё сваё, яе пасадзіў на жарабка, сеў сам і паехаў! Прывёз паненку Валынку да цара. Цар убачыў яе, яе хараство – не ўседзеў на сваім месцы. Адарыў Мал-Малышка чынам капітана. Пажыў цар дні два і задумаў з ёй ажаніцца. А яна кажа: – Нельга мне замуж ісці. Я ў гэтым адзенні не буду замуж ісці. У мяне ёсць куфар жалезны – трыста пудоў, у моры ляжыць. Дастань куфар, я ўбяруся святочна, тады будзем вяселле гуляць. Тады цар прызваў Мал-Малышка. – Едзь у мора, – кажа. – Куфар жалезны ў трыста пудоў – каб яго даставіў! – Ніяк, – кажа Малышок, – гэта ж няможна! – Не адмаўляйся! А то адсяку галаву ўраз! – Дайце ж трохі падумаць! – Думай, толькі хутчэй. Пайшоў Малышок да жарабка, стаў тужыць, што дрэнна стала жыць. Жарабок у яго пытаецца: – Што, Мал-Малышок, затужыўся? – Цар службу задаў, каб з мора дастаў куфар жалезны ў трыста пудоў. – Гэта не служба! Служба яшчэ будзе. Ідзі да цара, і няхай ён табе дасць меч-самасеч. Пайшоў Малышок да цара, узяў меч-самасеч. Прыехалі да мора. Жарабок і гаворыць: – Пускай па малой рыбе па галовах меч-самасеч. Малышок пусціў меч-самасеч у мора і кажа: – Самай меншай рыбе галовы адсякай! І ўсё ў адно месца збірай! Меч і пачаў сваё рабіць. Прыплыла да берага Цуда-Юда Рыба-Кіт. – Мал-Малышок, перастань маю сілу глуміць. Што табе трэба – тое і будзе. – Ёсць у моры куфар трыста пудоў жалезны. Паненкі Валынкі. Мне яго трэба дастаць. Цуда-Юда паслала рыбу. Знайшлі гэты куфар, прыплываюць і кажуць: – Ёсць такі. Цуда-Юда кажа Мал-Малышку: – Ад’язджай, як можна, на трыста вёрст. Я кіну табе гэты куфар у рукі – лаві яго, як здолееш. Калі не зловіш, у зямлю ўпадзе – тады зусім прападзе, ніхто тады не дастане. Узяў ён той меч-самасеч, адскочыў на трыста вёрст. Чуе – грыміць-грукаціць! Куфар да яго ляціць! Ён той куфар злавіў і ўмомант у цара стаў. Цар яго за гэтую службу ротным прызначыў. Тады цар кажа паненцы Валынцы: – Будзем жаніцца? А яна ў адказ: – А чым куфар адамкнуць? Ёсць ключы ў моры залатыя – пяцьсот пудоў. Трэба іх дастаць. Прызваў цар Мал-Малышка, задае яму гэтую службу, а Мал-Малышок гаворыць, што дастане, не пярэчыць. Узяў той меч-самасеч, прыехаў да мора. Пусціў меч-самасеч на сярэднія рыбы па галовах. Прыплыло да яго Цуда-Юда і кажа: – Што ж табе трэба, Мал-Малышок? – Ёсць у моры ключы ад таго куфра залатыя. Па пяцьсот пудоў – трэба ж дастаць! – Сунімі меч-самасеч, тады дастанем, – і паслала рыбу шукаць ключоў. Шукалі-шукалі і не знайшлі. Так з такім адказам прыйшлі: няма ключоў. Мал-Малышок зноў пусціў меч-самасеч – па вялікай рыбе. Рыба-Кіт і гаворыць: – Сунімі меч-самасеч. Знойдзем мы гэтыя ключы. Сабрала ўсіх, хто ў вадзе ёсць ды па зямлі поўзае – жаб, ракаў – і паслала шукаць гэтыя ключы. Шукалі-шукалі – не знайшлі. Зноў так і прыйшлі. Давай яна пытаць усіх, што шукалі – усіх, хто ёсць. Усіх апытала, а аднаго толькі вось рака няма. Ажно паўзе і той рак. – Знайшоў ключы, – гаворыць. – Былі глыбока пяском занесены. Ну тады сказала Рыба Малышку: – Ад’язджай на пяцьсот вёрст, я кіну ключы. Ён ад’ехаў на пяцьсот вёрст. Чуе – шуміць і звініць – ключы да яго ляцяць! Ён схапіў гэтыя ключы, прыцягнуў цару, падаў ключы. За гэтую службу вышэйшым чынам узнагародзіў яго цар – палкоўнікам прызначыў! Так цар тады ўжо і гаворыць () паненцы Валынцы: – Ну, ужо будзем вяселле ладзіць! А яна яму кажа: – Я ў тваім саборы не буду вянчацца! Мне каб за адну ноч збудавалі сабор за ракой. Цагліна залатая, цагліна срэбная. І мост такі: мастнічына залатая, мастнічына срэбная. Паабапал каб былі пасаджаныя розныя вінаграды. Як будзем у сабор ісці – каб дрэўцы цвілі, а як будзем ужо ісці з сабора – каб ужо паспелі. Вакол сабора каб быў вырыты роў дванаццаць сажэняў глыбіні, дванаццаць шырыні. І ў саборы каб свечкі гарэлі, пеўчыя каб спявалі. Насупраць сабора каб агонь гарэў, і ў рове над агнём каб вісеў кацёл. А ў катле каб смала кіпела. Вось тады я буду вянчацца! Вядома, што і гэтую службу цар узваліў на Мал-Малышка. – Аніяк няможна гэтай службы саслужыць! – адхрышчваецца Малышок. А цар кажа: – Мне давядзецца рыхтаваць тапор і плаху, а ты глядзі, каб была смяротная рубаха! – Ой, тады ж дайце мне часу два дні падумаць! Пайшоў да жарабка, стаў горка плакаць. Стаў жарабок пытаць: – Што так моцна заплакаў, Мал-Малышок? – Як жа мне не плакаць? Давядзецца са светам развітацца і з табою! – А за што так? – Цар службу загадаў. – Якую? – А каб за адну ноч быў збудаваны сабор за ракою. І каб адна цагліна была залатая, а другая срэбная. І мост каб быў такі: мастнічына залатая, мастнічына срэбная. Паабапал каб былі насаджаныя розныя вінаграды. Як будуць яны ў сабор ісці, каб цвіло ўсё, а як будуць назад вяртацца – каб паспела. І вакол сабора каб быў вырыты роў дванаццаць сажэняў глыбінёй, дванаццаць шырынёй. І ў саборы каб свечкі гарэлі, і каб пеўчыя спявалі. А насупраць сабора каб агонь быў. І ў рове над агнём каб вісеў кацёл, а ў катле каб смала кіпела! – От гэтая служба – не службачка! Служба такая, што я табе не дапамагу. Толькі магу табе падказаць: ідзі да паненкі Валынкі, як можаш яе прасі – можа, яна злітуецца з цябе. Пайшоў Малышок да паненкі Валынкі. Стаў яе прасіць з нізкім паклонам, каб гэтую службу яна яму саслужыла. А яна яму і сказала: – Мал-Малышок, не думай, маліся Богу і кладзіся спаць. Цераз ноч усё будзе гатова. Толькі зладзь спраўную мяцёлачку – па мосце падмятаць. І прыйдзі раніцай да цара і скажы, што гатова. Падзякаваў Малышок паненцы, пайшоў на сваё месца, памаліўся, лёг спаць. Але ж не спалася, усё думалася – які ўжо тут сон? Устаў раніцай рана, выйшаў да рэчкі – усё зроблена! Пайшоў да цара. – Ваша мосць! Службу саслужыў і ўсё зрабіў. Можна ў сабор ісці. Цар тады яго князем узнагародзіў. Узяў Мал-Малышок мяцёлачку, пайшоў да моста. Ідзе ды падмятае. Дзе пачысціць, дзе галінку паправіць на дрэве. Убраўся цар з паненкай Валынкай, пайшлі ў сабор. Дрэвы цвітуць, у саборы свечкі гараць, пеўчыя спяваюць, агонь гарыць перад саборам, смала кіпіць у катле. Прыйшлі да агню ды вялікага катла, а паненка і гаворыць: – Вам наперад ісці, а я ўслед за вамі пайду. Гусак заўсёды наперадзе ідзе і за сабой гуську вядзе. Цар трохі спалохаўся, паклікаў Мал-Малышка, паслаў яго ўперадзе. А Мал-Малышок, як пайшоў, так і перайшоў. За ім пайшоў цар ды ўваліўся ў кацёл! А за царом паненка Валынка як ішла, так і перайшла. Мал-Малышка за руку ўзяла, і ў сабор увайшлі. Абвянчаліся. Адтуль ізноў перайшлі. У сабор ішлі – дрэвы цвілі, а адтуль ідуць – розныя вінаграды паспелі, а яны іх ядуць. Тады ўжо Мал-Малышок зрабіў пір на ўвесь мір і сталі там пажываць, дабро нажываць. І я там быў, мёд-віно піў, адно губы памачыў. Давалі мне адтуль смаляную кабылу ехаць, рэпавае сядло, гарохавую пугу... Еду я адтуль, ажно ў мужыка ток гарыць. Я пайшоў тушыць – кабыла ад агню растала, сядло свінні з’елі, а пугу маю вароны падзяўбалі.