Быў сабе дзед і баба. Доўга яны жылі, ды дзяцей не мелі. Раз пайшла баба ваду браць у калодзежы. Зачарпнула вядром дый паглядзела, ці поўна зачарпнула. Паглядзеўшы, бачыць: каліва гароху на дне ляжыць. Баба дастала ды з’ела. Вось яна ад гэтага гароху і затаўсцела-зацяжарыла. Панасіла колькі і нарадзіла сына маленькага – з кулачок. Адзін раз дзед паехаў у поле араць ды сказаў бабе, каб прынесла яму ў поле абедаць. Баба згатавала абед ды хоча ўжо несці ў поле, ажно Сынок з кулачок кажа: – Мама, я панясу. Баба спалохалася ды кажа: – Куды ж ты панясеш? Ты ж такі маленькі! Ты ж поля не ведаеш! – Знайду, мамка! Маці ўсё падрыхтавала, а сынок як сеў вярхом на гаршчкі, ды так шпарка паехаў, што ні вокам змігнуць. Пад’ехаўшы да бацькі, ён паставіў гаршчкі, а сам схаваўся за горку і крычыць: – Тата, хадзі абедаць! Бацька агледзеўся ды нікога не ўбачыў. Ды зноў сабе арэ. А сынок другі раз кліча: – Тата, хадзі абедаць! Бацька зноў яго не ўбачыў. А ён як выйшаў на горку, ды як закрычыць: – Бацька, ідзі ўжо абедаць! Бацька яго ўбачыў і пайшоў. А сынок – на саху вярхом, ды давай араць! Каля гэтай нівы тым часам ехаў адзін пан. Угледзеў, як Сынок з кулачок арэ, і пытаецца ў мужыка, ці не прадасць ён хлопчыка. А мужык кажа: – Каля пана воля хоча, дык я і задарма аддам! Пан даў мужыку тысячу рублёў. А сабе ўзяў хлопчыка ў кулачок, закруціў яго ў насоўку ды схаваў у кішэню. Сынок вылез з кішэні дый скочыў з воза на дарогу, а пан, не заўважыўшы, паехаў далей. Сынок сыйшоў з дарогі і схаваўся ў траве. А па дарозе ідуць злодзеі і паміж сабою гамоняць: – Пойдзем у пана ўкрадзем вала! А сынок пачуў гэта і крычыць з травы прыдарожнай: – А я раскажу! Злодзеі папужаліся таго голасу ды кажуць: – Хто гэта там? Хадзі з намі! Сынок з кулачок выйшаў і пайшоў з імі. Прыйшоўшы да панскай пуні, дзе стаялі быкі, пачалі вырашаць: – Хто ж палезе ў пуню? А Сынок з кулачок кажа: – Я! І палез у пуню. Падыйшоў да быкоў ды закрычаў: – Якога вам быка ўзяць? Пан пачуў гэта ды прыбег з цяплом у пуню, але не ўбачыў нікога, ды вярнуўся зноў дадому. А сынок выбраў сабе самага лепшага быка ды вывеў злодзеям. Злодзеі ўзялі быка ды зарэзалі, а коўб* кінулі на дарозе. А самі паехалі. Сынок з кулачок застаўся ды ўлез у коўб. Прыйшоў з лесу воўк ды з’еў той коўб. А Сынок з кулачок як стаў крычаць у сярэдзіне ваўка! Звяруга спужаўся дый кажа: – Што хочаш, я зраблю. Толькі ж не крычы! А сынок кажа: – Вязі мяне да таткі! Воўк і павёз. Як толькі прыехалі яны да дзвярэй, то сынок і стаў крычаць: – Тата-тата! Адчыняй дзверы! Бацька і адчыніў. – Бяры, бацька, таўкач ды бі ваўка! Бацька забіў ваўка, садраў шкуру, вырабіў і пашыў сыночку шубу.